Каханне (зборнік) | Страница 1 | Онлайн-библиотека


Выбрать главу

Мікола Калядны

Каханне (зборнік)

© Мікола Калядны, 2017

© ІП Янушкевіч А.М., 2017

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Ільвінае вока

метагістарычныя эцюды

Пралог

Нейкая негавіль шугнула ў прастору.

Усё наваколле ўвобміг захвалявалася.

Расліны страпянуліся і нервова закалываліся. Жывёлы спалохаліся і кінуліся бегчы. Камяні скалануліся ўнутрана, застаючыся вонкава нязрушнымі.

На адным з іх, сама вялікім і пляскатым, сядзеў Леў.

Яго таксама ўстарнавала невядомая касмічная хваля, і ён, імкнучыся зразумець яе, пільна ўглядаўся ўдалячынь, магутным узрокам ляцеў аж да зораў.

Да Льва зрозь збягалася ўсялякая зверына. Ён вялікасна і спагадліва прымаў кожную, выслухваў і мудра радзіў-судзіў.

Цяпер перад ім сабралася процьма народу, які задзіночана-запытальна пазіраў на цара і чакаў адказу, аднаго на ўсіх.

Леў адчуваў агульную занепакоенасць і ведаў, што значыць цяпер ягонае слова. Ён чуйна ўбіраў у сябе касмічныя сігналы, асэнсоўваў іх і рыхтаваўся мовіць.

Нішто не парушала гэтае глыбокае засяроджанасці.

Толькі адно сонца ўзбуджала ясны пагляд.

Шкаляры

1

– Адкуль ён?

– З Ліцвініі, вашая імасць. – Добры край. Нам шанцуе на яго прадстаўнікоў. Але чамусьці адтуль даўно нікога не было.

– Там зараз неспрыяльныя ўмовы: зашмат ліхасці.

– Дзе яе толькі няма. Нам з ёю яшчэ доўга ходацца. Не прамарудзілі мы з ім?

– Так, ён крыху старэйшы, чым трэба, але вельмі здольны. Гэтак лічыць Альгерд.

– Альгерд ведае людзей. Абы каго не возьме. Аднак ім будзе цяжка.

– Сапраўды, выпадак вынятковы. А калі нам было лёгка?

– Дзеля гэтага і жывём. Як ён пачувае сябе?

– Пакуль непрытомны. – Калі агоўтаецца, уважліва паназірайце за ім: першыя ўражанні існыя і праўдзівыя.

2

Кастусь расплюшчыў вочы.

Нязвыкла яркае святло разанула зрэнкі, асляпіла. Ён спалохана зажмурыўся і сцяўся, адчуваючы чыюсці прысутнасць.

Павольна падняў павекі – і нікога ня ўбачыў. Затое знайшоў сябе ў ложку.

Незнаёмы пакой напачатку падаўся пустым, а потым, па меры змянення светлавой танальнасці, паступова праказаўся незвычайным убраннем.

Стол, крэслы, шафа, шматлікія прадметы, прызначэнне якіх Кастусь не ведаў, – усё было круглявае і белае. Ён асалапеў, калі раптам сцяна ператварылася ў вялізнае акно і перад ім расхінулася ашаламляльная вонкавасць.

Гарыстая мясцовасць патанала ў зеляніве і квецені, лашчылася ў сонечным марыве. На ёй узвышаліся фантастычныя збудаванні, якія ўражвалі формаю і афарбоўкаю. У паветры нароўні з птушкамі і казачнымі істотамі луналі-куляліся людзі. Кастусь захапіўся відовішчам і ніколькі не дзіваваў, што цераз шкло адчувае пахі, гукі і нейкія незразумелыя выпрамяненні.

Таму і не адразу яго вярнуў да рэальнасці чыйсьці голас:

– Гэта можна яшчэ і пакратаць. Ён схамянуўся і зірнуў убок. Перад ім стаяў высокі мужчына і прыемна ўсміхаўся. Кастусю падалося, што той вынік прама з паветра.

Незнаёмец працягнуў руку. Нібыта ад чараўніцтва яна падаўжэла, лёгка прайшла праз балонку і кранула цыліндрычны гмах на ўзгор’і. Затым павольна праплыла над зялёнымі бухматымі дрэвамі і нырнула ў лістоту разложыстага дубу. Ад шапацення ўсхваляваліся птахі. Адны з іх узняліся ўгору, іншыя селі на далонь, якая ўвачавідкі пабольшала, і зацвыркалі. Уражвала мноства і мілагучнасць спеўных матываў. Нейкі юнак вёртка крутнуўся ў паветры, скокнуў на далонь, зрабіў сальта і, адштурхнуўшыся, імпэтна ўзнёсся.

Пачакаўшы хвілю, дзівоснік варухнуў пальцамі, спудзіў птушак і вярнуў руку да звыклага стану.

Кастусь зніякавеў і нічога не мог прамовіць.

– А цяпер паспрабуй ты, – пачуў ён прапанову і няўцямна ўзняў правіцу.

Пальцы нібыта расцягнуліся, памкнуліся ўперад і хутка датыкнуліся шыбіны.

Кастусь крыху пастрыг імі, злёгку націснуў. Але нічога не адбылося – і ён бездапаможна апусціў руку.

– Не ўсё адразу, – паблажліва суцешыў незнаёмец. – А пачатак мне падабаецца.

Кастусь паглядзеў на яго больш уважліва і напружыўся: нарэшце неведзь абудзіла свядомасць. Ён ужо гатовы быў выбухнуць пытаннямі, але той апярэдзіў:

– Мяне клічуць Альгердам. Я – настаўнік касмічнай вучэльні.

– Якой?

– Касмічнай, – больш выразна вымавіў Альгерд. – Я буду аэранаўтам?

– Не. Міжпланетныя караблі цябе не чакаюць, хоць лятаць ты зможаш паўсюль.

– Як яны? – кіўком галавы Кастусь паказаў на акно.

– І як яны таксама. – Дзе я? У якой краіне?

– Ты ў Самбале, мясціне вышэйшага чалавецтва і правідэнцыйных сілаў.

– Я не ведаю такой.

– На Зямлі яна вядомая толькі некаторым. – Як я сюды трапіў?

– Я цябе забраў.

– Навошта?

– Каб выхаваць і навучыць. – Чаму?

– Нашай навуцы.

– А як яна завецца?

– Творчасць.

– …Не разумею. Чаму я?

– Ты – абраны.

Кастусь занепакоіўся і падумаў пра няпэўнасць, нават уяўнасць свайго становішча.

– Хаманея. Мне сніцца?

Нешта ўспомніўшы, ён здрыгануўся і хуценька абмацаў свае грудзі. Адчуўшы пад далонню амулет, задаволена ўздыхнуў.

– Ты не спіш і даўно ачуўся.

– Я жывы?

– Канечне.

– Што з людзьмі?

– Жывуць па-ранейшаму.

– А мае родзічы?

– Турбуюцца пра цябе, шукаюць.

– Я вярнуся да іх?

– Не.

Сэрца Кастуся балюча ёкнула ад раптоўнага прыліву горычы, і ён, узрушаны, ускочыў з пасцелі.

– Гэта жорстка. Яны будуць пакутаваць і сумаваць. І ніхто іх не суцешыць. Я хачу дадому.

– Твой дом тут.

Альгерд знарок паддаваў жару, каб пабачыць, як шугае вогнішча.

– Няпраўда! – цвёрда выгукнуў Кастусь і паглядам паімчаў удалячынь. – Ён там, дзе мае маці, бацька, браты, сястра, сябрукі…

– …альбо іншае атачэнне і нават адзіноцтва, калі імі прасякнеш.

Усхваляванасць не пакідала Кастуся. Ён сердаваў, што суразмоўца ўпэўнена і лёгка расхіствае ягоную пазіцыю, а ў яго не стае пераканаўчых аргументаў, каб трымацца.

– Тое, ад чаго пайшоў, нішто не заменіць, – злосна буркнуў ён, ледзь стрымліваючы сябе.

– Правільна. Ты ведаеш, ад чаго?

– Так, я ўжо сказаў.

Альгерд усміхнуўся, і Кастусю падалося, што паблажліва.

– Вы з мяне кпяце?

– Ніколькі. Мне імпануюць твае разважанні. Ты не па веку кемлівы – гэта вельмі добра. Значыць, нашая справа пойдзе належным чынам.

Кастусь маўчаў. Яму хоць і спадабалася хвала Альгерда, але надакучыла барукацца. Ён адчуваў глыбокую самоту і вельмі хацеў дамоў. Горкасць сціскала грудзі і спірала дыханне.

3

Нікога няма. Куды ўсе падзеліся?

– Мама! – крыкнуў ён і палахліва зіркнуў па баках.

На панадворку не было ні курэй, ні качак, ні сабакі. У хляве не рохкалі свінні, не пыхкала карова.

Бразнуў клямкаю веснічкаў і выбег на вуліцу. Таксама пуста. Цішыня аж увушшу звінела.

– Мама! – паклікаў гучней і, праглынуўшы горкі камяк крыўды, пабег у хату.

Калі адчыніў дзьверы, пачуў нязносны крык матулі. Адразу кінула ў жах – і ён ірвануў у трысцен.

Напаўаголеная маці ляжала ў ложку на пакамечаным хаўбосці і чамусьці ненатуральна курчылася. Над ёю схілілася баба Акуліна, якая з падазронай зацятасцю варочала рукамі і аднастайна мармытала штосьці недарэчнае, нібы замаўляла.

– Не, не, не! – залямантаваў Косцік і з кулачкамі наляцеў на старую.

Тая ад нечаканасці здрыганулася і раззлавана адпіхнула яго. Але ён не адступаў і апантана каёчыў яе. Суседка Пелагея, што стаяла побач са скарачом, рашуча ўзяла хлопчыка за руку і пацягнула прэч. На парозе ён пачуў прарэзлівы крык дзіцяці і асалапеў.

Аднекуль выплылі незнаёмыя постаці і твары, якія заклапочана нешта абмяркоўвалі і кудысьці спяшаліся.

Ён мімаволі памкнуўся за імі – і знямеў ад нечаканага светлавога пошугу, за якім узніклі могілкі.

Халодны смутак ахутваў гэтае журботнае месца. Сцюдзёнасці дадавалі горкія слёзы, немае галашэнне і няўцешны плач, што вывяргала гаротная купка людзей ля труны ўскрай свежай ямы. Святар прачула казаў пра вечны спачын.

Косцік панура назіраў панахвіду і не разумеў, навошта яна, бо нябожчык усё роўна ўжо нічога не ўспрымаў. Хлопчык не ведаў, чаму і куды знікаюць людзі, і злаваў на бездапаможнае жыццё, якое збяднела на яшчэ аднаго чалавека. Якім яно будзе, калі нікога не стане?

1
Мікола Калядны: Каханне (зборнік) 1
Ільвінае вока[1] 1
Пралог 1
Шкаляры 1
1 1
2 1
3 1
4 2
5 2
6 2
7 3
8 4
9 4
10 4
11 4
12 4
13 5
14 5
15 5
16 5
17 5
18 6
19 6
20 7
21 7
22 8
23 8
24 8
25 8
26 8
27 9
28 9
29 10
30 10
31 10
32 10
33 11
34 11
35 11
36 12
37 12
38 12
39 12
40 12
41 13
42 14
43 14
44 15