Забойца анёла (зборнік) | Страница 1 | Онлайн-библиотека


Выбрать главу

Вінцэсь Мудроў

Забойца анёла

Аповесці і апавяданні

© Мудроў В., 2017

© ПУП «Кнігазбор», 2017

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

У лазні

Сакавіцкай парой прыемна пахнуць бярозавыя венікі. Высахлыя на ветры, яны струменяць даўкі водар, шамацяць, калі іх злёгку патрэсці, і гэтым сваім шамаценнем выказваюць гатовасць зараз жа апусціцца ў кіпень і хвацка прыкласціся да распаранага азадка…

Перадаўшы прадавачцы дваццаць тысяч, Макар схаваў твар у выпетранае лісце, хапануў ноздрамі паветра, і ад гаркавадурманлівага паху ў яго закружылася галава.

«Як добра пахнуць венікі ля лазні гарадcкой…» – нарадзіліся ў душы паэтычныя радкі. Макар спыніўся, задзёр галаву, шукаючы рыфму слову «венікі», але ў галаве круціліся толькі «варэнікі», і паэт, плюнуўшы пад ногі, борзда ўзбег па прыступках.

Звычайна на дзённыя сеансы народу ў лазню прыходзіла няшмат, сёння ж каля касы стаяла вялізная чарга.

Макар утрапёна агледзеў натоўп, маракуючы – ці варта займаць чаргу, бо квіткоў магло і не хапіць, – ды, павагаўшыся, голасна запытаў:

– Хто апошні?

Апошнім стаяў недаростак з чырвонай, усё адно як варам апаранай галавой, на макаўцы якой злавесна стаўбурыліся рэдкія валасы.

Не паспеў Макар прыліпнуць да хваста чаргі, як за спінай ягонай прымасцілася яшчэ некалькі чалавек.

– Адкуль столькі людзей? – сіпата дыхнулі яму ў патыліцу. Ззаду стаяў кучаравы мацак у камуфляжным бушлаце і ў аграмадных вайсковых чаравіках.

– Квіты ад ранку не прадавалі, – азвалася на тое вірлавокая цыба, што стаяла паперадзе недаростка. – Вунь, бачыце, – цыба кіўнула ў бок разнасцежанага цеплавузла, – штосьці ў іх там зламалася. Кагадзе адрамантавалі.

З цёмнай проймы цеплавузла выпаўзаў, прычым задам наперад, здаравіла-слесар.

Пабачыўшы важкі мужчынскі азадак, цыба знянацку замітусілася, выбегла з натоўпу і, запусціўшы руку між грудзей, выцягнула зумклівы «мабільнік».

– Клава, я ў лазні… – засакатала кабета, ціснучы да вуха слухаўку і пазіраючы на слесара, які збіраў інструмент. – Мінулым разам пасля парыльні цэлы кілаграм скінула, цяпер вось думаю яшчэ пару кіло скінуць.

– Куды табе скідваць… і так худая, як вобла, – пачуўся за спінай знаёмы голас.

– Ды гэта проста вада выходзіць потам, а тлушч застаецца, – прамовіў Макар, і недаростак, азірнуўшыся, працяў яго дапытліва-суровым позіркам.

– Ты што, бандэра?

Макар напачатку не зразумеў пытання. Стаяў зніякавелы, і толькі потым уцяміў, што меў неасцярожнасць выдаць фразу па-беларуску. Яшчэ ніколі яго, беларускага паэта, аўтара трох паэтычных зборнікаў, так не абражалі. Паэту – у кароткае імгненне – стала холадна, потым горача, а пальцы правай рукі міжволі сціснуліся ў кулак.

– Лёха, чаму так далёка ад касы? – крыкнулі ад уваходных дзвярэй, і да недаростка валюхастай хадой падышоў зладзеяватага выгляду бамбіза. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, з нахабнай тыднёвай шчэццю і з арыгінальнай лысінай: яна ў яго пукацілася што тая балканская феска, прычым у атачэнні густых чорна-гудронных валасоў.

– Куды плішчыцеся? Чаргу займайце, – незадаволена бухнуў за Макаравай спінай усё той жа сіпаты голас, і недаростак з інтанацыяй пераможцы працадзіў: – Яшчэ адзін бандэра.

На міг усе сціхлі. Макар адчуў, як людзі ў натоўпе разам згорбіліся, наструніліся, прыціснуліся адно да аднаго. У гнятлівай цішыні злавесна шэрхнулі падэшвы вайсковых чаравікаў. Кучаравы мацак наблізіўся да недаростка, схапіў таго за каршэнь.

– Яшчэ адно слова, абгрыздыш, і заляціш вунь туды, – мацак тузануў падбароддзем, паказваючы на цеплавузел.

Макар адсунуўся ўбок і спалохана назіраў, як лысы бамбіза, ляснуўшы кулаком правай рукі аб далонь левай, разважліва прамармытаў:

– Ну што, хахляра, цябе зараз замачыць ці пасля таго, як памыешся? – пудовы кулак быў пазначаны наколкай крыжа і зламанай ружы.

Натоўп загаманіў на ўсе галасы. Цыба, паправіўшы збіты набакір капялюш, з гатовай радасцю ўсклікнула: «Мужчыны… знайшлі месца, дзе біцца!» – а перапэцканы ржою слесар, махнуўшы дзеля саліднасці развадным ключом, загадна выдыхнуў: «Усё, мальцы… разышліся».

Мальцы разышліся, паабяцаўшы сустрэцца пасля лазні. Макар паглядзеў на ўваходныя дзверы.

«А можа, пайсці дахаты? А то ўліпну ў якую гісторыю… Пляшак, падобна, з зоны адкінуўся. Пырне фінкай – і не скрывеліцца», – апанаваны такімі думкамі, Макар уздыхнуў, але потым згадаў, што мыўся месяц назад, а тут яшчэ новы венік набыў… што ж яго цяпер – сухім дахаты несці? Прыціснуўшы венік локцем, паэт палез у кішэнь па грошы. Чарга рухалася надзіва хутка, і ён ужо быў недалёка ад касы.

Квіткоў прадалі больш, чым трэба, і шафак усім не хапіла. Макар вырашыў трымацца бліжэй да кучаравага хлопца, таму і прапанаваў павесіць вопратку ў адну шафку. Пляшак з недаросткам распраналіся непадалёку.

– Лёха, як толькі хто рыпнецца – кліч мяне. Ты ж мяне ведаеш – я б’ю два разы: адзін раз па кумпалу, другі – па веку дамавіны, – грымеў знявечаны шумам дожджыку і раскацістым рэхам плешаковы голас. – Аднойчы, яшчэ да зоны, пайшоў у лазню, і там адзін, такі ж вось фраер, пачаў залупацца. Дык я яго на распаленыя камні пасадзіў. Так і спёк яйцы. А з бандэраю ў мяне ўвогуле размова кароткая…

Слухаючы такое, Макар нават упрэў, а зыркнуўшы на плешака, зусім заняпаў духам. Торс былога зэка быў скрозь у наколках, а ад шыі і да самай пахвіны сінеў завілы пісяг.

– А ты што, з Ільвова? – запытаўся тым часам кучаравы хлопец, сцягваючы з нагі нехлямяжы чаравік.

– Ды я там ніколі не быў, – пралепятаў Макар. Хацеў яшчэ сказаць, што ён беларускі паэт, але змаўчаў, бо невядома было, як на тое зрэагуе суразмоўнік.

Балей таксама ўсім не хапіла, але лазеншчык, кульгавы дзядзька ў белым халаце, голасна паведаміў, што неўзабаве прынясуць спісаныя медніцы са склада.

Кучаравы хлопец стаў пад дожджык, а Макар вырашыў перш-наперш наведаць сухую парыльню, а потым нырцануць у басейн.

Ён адчыніў дзверы саўны, удыхнуў гарачага паветра і тут жа ўгледзеў плешака, які з крэканнем залазіў на паліцу. Макар згадаў вусцішны аповед пра печаныя яйцы, пастаяў хвілю ў нерашучасці і пад незадаволены вокліч: «Зачыняй, дух выходзіць!» – грукнуў дзвярыма, так і не наведаўшы парыльню. Абяцаныя медніцы дагэтуль не прынеслі, і тыя, каму не хапіла балей, з зайздрасцю паглядалі на недаростка, які, не раўнуючы герой Зошчанкі, прысабечыў аж тры балеі – у адной адмочваў ступакі, у другой мыўся, а на трэцюю, перакуліўшы дагары дном, паклаў мыла і вяхотку. Невядома, колькі б доўжылася такое мыццё, каб да Лёхі не падышоў Макараў «кампаньён». Макар быў далёка і не чуў іхнай размовы, але недаростак, відаць, сказаў штосьці крыўднае, бо кучаравы хлопец на міг сумеўся, а потым, узняўшы балею з вадой, абрынуў на Лёхаву галаву, ды так, што праламаў пластмасавае днішча. Недаростак войкнуў, паспрабаваў устаць, але тут жа плюхнуўся ўпоперак лавы, наставіўшы ўгору куртаты, з невядомай прычыны ўзбуджаны чэлес.

Акурат той хвіляй лазеншчык прынёс стос бляшаных медніц. Макар падхапіў самую верхнюю, сеў на крайнюю лаўку і здаля стаў пазіраць на Лёху, якога палівалі вадой і рабілі штучнае дыханне. Пазіраў з трывогаю, чакаючы таго моманту калі Лёхаў карыфан выкуліцца з парыльні. Той, аднак, не выкульваўся, і Макар, набраўшы вады ў медніцу, намыліў галаву.

– У нас у аддзеле таксама ўчора завяліся. Адны за Пуціна, другія за ўкраінцаў, – гугнявіў хтосьці праваруч, завіхаючыся з вяхоткай.

– Хахлы ў тую вайну Гітлеру прадаліся, цяпер вось пад Амерыку падбіваюцца, – азваліся леваруч.

– Пасля Сталіна не тое што Гітлеру – самому чорту душу закладзеш, – рэзюмаваў гугняк і нечакана, з інтанацыяй панікі, загарлаў: – Б’юцца!

Змахнуўшы з вачэй мыльныя хлапякі, Макар убачыў, як кучаравы хлопец заехаў плешаку кулаком у грудзіну, але той, як Фантамас, толькі злёгку хістануўся. Мыла выядала вочы. Макар плюхнуў вады на твар, слёзы засцілі свет, і ён толькі пачуў тупат босых ног, сіплую лаянку і бурлівы плёскат у лазенным басейне.

Калі падбег да басейна, кучаравы пускаў ужо бурбалкі. Пляшак, сядзеў на ім, прыціснуўшы да дна, і не даваў хапануць паветра.

– Ратуйце! Патопіць чалавека! – гаркнулі адразу некалькі глотак, і Макар, разагнаўшыся, скокнуў на лысую галаву.

Ужо ў вадзе пляшак даў яму каленам у жывот, Макар глынуў смярдзючай хлёркі, усплыў, у два грабкі даплыў да нікеляванай лесвіцы, і галёнка ягоная знямела ад жалезнай сутаргі. Віснучы на парэнчах, Макар заехаў плешаку пяткай у нос і кінуўся ў прымыльнік. Думаў узяць у абярэмак апранахі і падацца да выхаду, але шафка была зачынена, а за спінай ужо грымелі здушаныя мацюкі – пляшак, падобна, бег, прыціскаючы далонь да разбітай нюхаўкі.

1