Коннік без галавы | Страница 1 | Онлайн-библиотека


Выбрать главу

Майн Рыд

Коннік без галавы

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Пралог

Тэхаскі алень, што драмаў у цішыні начной саванны, здрыгаецца, пачуўшы тупат конскіх капытоў.

Але ён не пакідае свайго логава, нават не ўстае на ногі. He яму аднаму належаць гэтыя прасторы – дзікія стэпавыя коні таксама пасвяцца тут начамі. Ён толькі злёгку падымае галаву – над высокай травой паказваюцца яго рогі – і слухае: ці не паўторыцца гук?

Зноў даносіцца тупат капытоў, але цяпер ён гучыць інакш. Можна адрозніць звон металу, удар сталі аб камень.

Гэты гук, такі трывожны для аленя, выклікае хуткую перамену ў яго паводзінах. Ён імкліва ўскаквае і імчыцца па прэрыі; але хутка ён спыняецца і азіраецца назад, не разумеючы: хто патрывожыў яго сон?

У ясным месячным святле паўднёвай ночы алень пазнае найзлейшага свайго ворага – чалавека. Чалавек набліжаецца вярхом на кані.

Ахоплены інстынктыўным страхам, алень гатовы ўжо зноў бегчы; але штосьці ў абліччы конніка – штосьці ненатуральнае – прыкоўвае яго да месца.

З дрыжаннем ён амаль садзіцца на заднія ногі, паварочвае назад галаву і працягвае глядзець – у яго вялікіх карых вачах адлюстроўваецца страх і разгубленасць.

Што ж прымусіла аленя так доўга ўглядацца ў дзіўную фігуру?

Конь? Але гэта звычайны конь, асядланы, закілзаны, у ім няма нічога, што магло б выклікаць здзіўленне ці трывогу. Можа, аленя напалохаў коннік? Так, гэта ён палохае і прымушае здзіўляцца – у яго абліччы ёсць нешта пачварнае, жудаснае.

Сілы нябесныя! У конніка няма галавы!

Гэта відавочна нават для неразумнай жывёліны. Яшчэ хвіліну глядзіць алень разгубленымі вачамі, як бы сілячыся зразумець: што гэта за нябачаная пачвара? Але, ахоплены жахам, алень зноў бяжыць. Ён не спыняецца да таго часу, пакуль не пераплывае Ляону і імклівая плынь не аддзяляе яго ад жахлівага конніка.

He звяртаючы ўвагі на спалоханага аленя, як быццам нават не заўважаючы яго прысутнасці, коннік без галавы працягвае свой шлях.

Ён таксама накіроўваецца да ракі, але, здаецца, нікуды не спяшаецца, а рухаецца павольным, спакойным, амаль цырыманіяльным шагам.

Нібы захоплены сваімі думкамі, коннік адпусціў павады, і конь яго час ад часу пашчыпвае траву. Hі голасам, ні рухам не падганяе ён каня, калі той, напалоханы брэхам каётаў, раптам ускідвае галаву і з храпам спыняецца.

Здаецца, што ён пад уладай нейкіх глыбокіх пачуццяў, і дробязі не могуць вывесці яго з задуменнасці. Hі адным гукам не выдае ён сваёй тайны. Напалоханы алень, конь, воўк і паўночны месяц – адзіныя сведкі яго маўклівых роздумаў.

На плечы конніка накінута серапе, якое пры парыве ветру прыўзнімаецца і адкрывае частку яго фігуры; на нагах у яго гетры са шкуры ягуара. Абаронены ад начной сырасці і трапічных ліўняў, ён едзе ўперад, маўклівы, як зоркі, што мігаюць над ім, бесклапотны, як цыкады, што стракочуць у траве, як начны ветрык, што забаўляецца складкамі яго адзення.

Нарэшце штосьці, відаць, парушыла задуменнасць конніка – яго конь паскорыў крок. Вось конь трасянуў галавой і радасна заржаў – з выцягнутай шыяй і раздутымі ноздрамі ён бяжыць уперад трушком і хутка ўжо скача галопам: блізкасць ракі – вось што прымусіла каня імчацца хутчэй.

Ён не спыняецца да таго часу, пакуль не пагружаецца ў празрыстую плынь так, што вада даходзіць конніку да каленяў. Конь прагна п’е; наталіўшы смагу, ён перапраўляецца цераз раку і хуткай рыссю ўзбіраецца па крутым беразе.

Наверсе коннік без галавы спыняецца, як бы чакаючы, пакуль конь атрасецца ад вады. Чуецца ляск збруі і страмёнаў – нібы гром загрукатаў у белым воблаку пары.

З гэтага арэолу з’яўляецца коннік без галавы; ён зноў працягвае свой шлях.

Мабыць, конь, якога падганяюць шпоры і накіроўвае рука седака, больш не збіваецца з дарогі, а бяжыць упэўнена ўперад, нібы па знаёмай сцежцы.

Наперадзе, да самага гарызонта, распасціраюцца бязмежныя прасторы саванны. На нябесным блакіце вырысоўваецца сілуэт загадкавай фігуры, падобнай да пашкоджанай статуі кентаўра; ён паступова аддаляецца, пакуль зусім не знікае ў таямнічым змроку месячнага святла.

1. Выпаленая прэрыя

Паўднёвае сонца ярка свеціць з бязвоблачнага блакітнага неба над бязмежнай раўнінай Тэхаса каля ста міль на поўдзень. ад старога іспанскага горада Сан-Антоніо-дэ-Бехар. У залатых промнях вырысоўваюцца прадметы, незвычайныя для дзікай прэрыі,– яны гавораць аб прысутнасці людзей там, дзе не відаць прымет чалавечага жылля.

Нават на вялікай адлегласці можна разгледзець, што гэта фургоны; над кожным – паўкруглы верх э беласнежнага палатна.

Іх дзесяць – занадта мала для гандлёвага каравана ці ўрадавага абозу. Хутчэй за ўсё яны належаць якому-небудзь перасяленцу, што высадзіўся на беразе заліва і цяпер накіроўваецца ў адно з новых паселішчаў на рацэ Ляоне.

Выцягнуўшыся доўгай чарадой, фургоны паўзуць па саванне так павольна, што іх рух амаль непрыметны, і толькі па іх узаемнаму становішчу ў доўгім ланцугу абозу можна пра гэта здагадацца. Цьмяныя сілуэты паміж фургонамі сведчаць аб тым, што яны запрэжаныя; а тое, як уцякае спалоханая антылопа і ўзлятае з крыкам краншнэп, выдае, што абоз рухаецца. I звер і птушка не разумеюць: што за дзіўная пачвара ўварвалася ў іх дзікія ўладанні?

Ва ўсёй прэрыі не відаць ніякага руху: ні птушкі ў палёце, ні звера ў бегу. У гэты спякотны паўдзённы час усё жывое ў прэрыі замірае ці хаваецца ў цянёк. I толькі чалавек з яго славалюбствам і сквапнасцю парушае законы трапічнай прыроды і кідае выклік пякучаму сонцу.

Так і гаспадар абозу, нягледзячы на знясільваючую паўдзённую спёку, працягвае свой шлях.

Кожны фургон запрэжаны васьмю моцнымі муламі. Яны вязуць вялікую колькасць харчовых, прыпасаў, дарагую, можна нават сказаць, раскошную мэблю, чорных рабынь і іх дзяцей; чарнаскурыя нявольнікі ідуць пяшком побач з абозам, а некаторыя стомлена плятуцца ззаду, ледзь пераступаючы зраненымі босымі нагамі. Уперадзе едзе лёгкая карэта, запрэжаная дагледжанымі кентукскімі муламі; на яе козлах чорны фурман у ліўрэі млее ад спёкі. Усё гаворыць аб тым, што гэта не бедны пасяленец з паўночных штатаў шукае сабе новую радзіму, а багаты жыхар Поўдня, які ўжо набыў маёнтак і едзе туды са сваёй сям’ёй, маёмасцю і рабамі.

I на самай справе, абоз належыць плантатару, які высадзіўся з сям’ёй у Індыяноле, на беразе заліва Матагорда, і цяпер перасякае прэрыю, накіроўваючыся да сваіх новых уладанняў.

Сярод коннікаў, якія суправаджаюць абоз, як заўсёды, уперадзе едзе сам плантатар, Вудлі Пойндэкстэр, – высокі, хударлявы чалавек гадоў пяцідзесяці, з бледным, хваравіта жаўтаватым тварам і з ганарліва суровай постаццю. Адзеты ён проста, але багата. На ім свабоднага крою кафтан з альпака, камізэлька з чорнага атласу і нанкавыя панталоны. У выразе камізэлькі бачна кашуля з найтанчэйшага палатна, перахопленая ля каўняра чорнай стужкай. На нагах, усунутых у страмёны, чаравікі з мяккай дублёнай скуры. Ад шырокага саламянага капелюша на твар плантатара падае цень.

Побач з ім едуць два коннікі, адзін справа, другі злева: гэта юнак гадоў дваццаці і малады чалавек гадоў на шэсць-сем старэйшы.

Першы – сын Пойндэкстэра. Адкрыты, жыццярадасны твар юнака зусім не падобны на суровы твар бацькі і на змрочную фізіяномію трэцяга конніка – яго кузена.

На юнаку французская блуза з баваўнянай тканіны нябесна-блакітнага колеру, панталоны з таго ж матэрыялу; гэты касцюм – самы прыдатны для паўднёвага клімату – вельмі да твару юнаку, таксама як і белая панама.

Яго дваюрадны брат – адстаўны афіцэр-валанцёр – адзеты ў ваенную форму з цёмна-сіняга сукна, на галаве ў яго суконная фуражка.

Яшчэ адзін коннік скача непадалёк; у яго таксама белая скура – праўда, не зусім белая. Грубыя рысы яго твару, дзяшовае адзенне, плётка, якую ён трымае ў правай руцэ, лоўка ёю шчоўкаючы, – усё гаворыць за тое, што гэта наглядчык за чарнаскурымі, іх мучыцель.

У «карыёле» – лёгкай карэце, якая ўяўляе нешта сярэдняе паміж кабрыялетам і ландо, сядзяць дзве дзяўчыны. У адной з іх скура асляпляльна белая, у другой – зусім чорная. Гэта адзіная дачка Вудлі Пойндэкстэра і яе чарнаскурая служанка.

Падарожнікі едуць з берагоў Місісіпі, са штата Луізіяна.

Сам плантатар – не ўраджэнец гэтага штата; іншымі словамі – не крэол'. Па твары ж яго сына і асабліва па тонкіх рысах яго дачкі, якая час ад часу выглядвае з-за фіранак карэты, лёгка здагадацца, што яны нашчадкі французскай эмігранткі, адной з тых, якія больш стагоддзя назад перасеклі Атлантычны акіян.

1