Мінакі | Страница 5 | Онлайн-библиотека


Выбрать главу

ПРАДАЙ СЯБЕ, ВАСІЛЁК!!! ЗАДОРАГА! ЯК МАГА ДАРАЖЭЙ!

Ня чуе, ён ізноўку ў сабе і адышоў ужо вельмі далёка. Далёка наперад, туды, дзе сонца рудымі промнямі залівае новыя фасады старых будынкаў і сынтэтычныя кветкі, што так ярка квітнеюць на сталёвых апорах ліхтарных слупоў. Туды, дзе будучыня ўсьміхаецца загадкавымі вачыма фотавыявы на крыле аўтобуса. Без прычыны, без аніякага ўяўленьня пра наступствы, якія пацягне за сабой гэтае спазьненьне на электрычку і ўсе гэтыя нікому не патрэбныя стосы перапэцканай нотнай паперы. Радасьць залатых багоў. Танцы на цэнтральнай плошчы – найяскравейшая праява любові да галоўнага горада і яго галоўнага чалавека, пра якіх ніхто ніколі нічога ня чуў.

Ах, якія вы прыгожыя, дарагія майму сэрцу, любімыя мае адлюстраваньні сухіх галінаў у мяккай вадзе асфальта! Падаюць кропелькі і ўзьнікаюць колы. Асацыяцыі…

Усё было цудоўна. Нават і не магла прыгадаць, калі яшчэ было гэтак вясёла. Усё было проста ды спакойна. Усьмешка не пакідала яе твару. Галоўнае, што ў паветры зьявіўся ледзьве чутны, амаль што незаўважны, але ўсё ж натуральны водар надзеі, быццам бы лёгкае воблачка, што пакідае на сэрцы пяшчоту. А ў галаве заставалася чысьціня ды выразнасьць. Канечне, Хо было пляваць на сусьветную рэвалюцыю ды на галодных дзяцей чорнага кантынента. Сёньня яна была лёгкай ды вясёлай. Шчасьлівай, калі ня страшна так казаць.

Цукеркі, віно, жарты ды сьмех. Бясконцы шпацыр па начных вуліцах і парках. І ўвесь вечар небеспасьпяховыя спробы адагнаць думку аб тым, што рана ці позна гэта ўсё скончыцца. Але гэта сэкунды, толькі маленькія пылінкі ў параўнаньні зь цёплымі позіркамі, што столькі абяцаюць. Зялёнае лісьце падавалася ўдвая зелянейшым у сьвятле ліхтароў. Два цені на бліскучай плітцы алеі ды словы, па сутнасьці, ні пра што, але разам з тым іх бы хапіла, каб апісаць усё жыцьцё. Хо п’янела ды лавіла на сваіх вуснах тую рэдкую для яе ўсьмешку. На імгненьне дзеўчына выхапіла гэтую думку і раптам заўважыла, што сапраўды на яе твары апошнім часам было куды больш іроніі ды сарказму, куды больш бессэнсоўнага колкага зьдзеку, чым такой цеплыні. Ды і было гэта ўсё зусім ня ейным. Быццам бы штосьці чужое паклалі ў рукі ды сказалі: “Вось, трымай, з гэтага моманту ты – вось гэта”. І быццам бы яна пачала ўзірацца ў гэтае штосьці ды настолькі захапілася, што так і не змагла вярнуцца да той сапраўднай сябе. Хо заўжды шмат непакоілася пра сябе, пра сваю адэкватнасьць. Гэтае чароўнае слова – “адэкватнасьць”… Шмат сумнявалася ў сваіх думках, у пачуцьцях, таму, каб кампэнсаваць гэта, навучылася секчы наводмаш, не зважаючы на наступствы. Не было ні часу, ні жаданьня, ні цярпеньня. Толькі калі штосьці паглынала яе з галавой. Менавіта так, як гэтыя чароўныя імгненьні вясновага вечара, нечакана цёплага ва ўсіх сэнсах. Можа, і ад сябе Хо такога не чакала, зьдзіўленая, занепакоеная.

А ён быў на самой справе вельмі сьмешны. Далёка неадназначны тыпаж зь бясконцымі трусамі ў капелюшы. Такі чараўнік, мужны ды разам з тым крыху сарамлівы. А на гэтым, напэўна, словы і сканчаліся. Больш дадаць не было чаго. Невядомае спрацоўвала, як загадкавае. Асабліва ў атмасфэры электрычнага асьвятленьня ды недахопу яркіх фарбаў ды ўражаньняў. Усе гэтыя словы на самой справе былі выдуманыя пасьля, калі ейная галава нарэшце пачала працаваць, калі фантазія вырвалася наперад ды перахапіла кантроль. А дагэтуль – толькі сьвежасьць ветру ды рэшткі чыстага паху зямлі, што застаўся ад канца сакавіка ды першай зялёнай травы. Змытыя дажджамі, перабітыя пахам кветак, але ўсё ж ткі такія ж існыя, як і яго парэзаныя на дробныя кавалачкі вочы, што сьцякалі крывёю. Такія ўважлівыя ды пяшчотныя.

Яна магла паклясьціся на апошнім альбоме каго заўгодна, што заўважыла гэта ня больш, чым два імгненьні таму. Хо толькі была хацела дакрануцца да парэзаных веек, але ізноўку ж, своечасова стрымалася.

– Што з тваімі вачыма, любы? – ейны голас ледзь заўважна задрыжаў.

– З вачыма?.. – ён не адразу зразумеў. – Нічога. Не хвалюйся, сонейка, яны ў мяне такія ад нараджэньня.

– Табе балюча?! – бровы паплылі ўгору, і яму, канечне, была прыемнай такая ўвага.

– Не, не балюча, нэрвы даўно ўжо атрафіраваліся. Балець там няма чаму. Ня трэба хвалявацца, са мною ўсё файна.

Хо раптам зразумела, што ня можа вымавіць ані слова, што яна ўжо вельмі доўга вось так стаіць, маўчыць ды ўзіраецца сваім пранізьліва пяшчотным позіркам у ягоны твар, быццам бы гэта штосьці зьмяняе. Нібыта яна зрошчвае такім чынам шмацьцё скуры, выцірае крывавыя кроплі. Дзеўчына выдатна адчула, як цёплы красавіцкі вецер згубіў усе свае чароўныя здольнасьці, як ЛІХТАРЫ ізноўку сталі ліхтарамі, як навакол пахаладзела. Састылае паветра. Ноч была ўжо не такой цёплай…

…а батарэі ў іх яшчэ не ўключылі. Хо хавала ногі пад коўдру ды піла гарбату. Як ні хацела, як ні імкнулася, усё ніяк не магла пасьпець да таго, як тая састыне.

Ружовыя соплі, размазаныя па непатынкаванай бэтоннай сьцяне.

Гэта доўжылася толькі адно імгненьне. Імгненьне, расьцягнутае памяцьцю на тысячы гадзінаў. Хо скруцілася на канапе, моцна абняўшы сябе рукамі. Яна ня ведала, чаму галава захоўвае такія ўспаміны. Хутчэй за ўсё гэта адбывалася без уліку ейных жаданьняў. Але кім тады была яна, Хо, у гэтым тулаве, якую ролю адыгравала ў ейным жыцьці гэтая самасьць, ды і што гэта ўвогуле такое? Дзе сканчаецца яе ўлада над сабою ды пачынаецца нешта невядомае, тое, што ад яе ўжо не залежыць? Дзе гэтая мяжа? Часам дзеўчына думала, што гэта мяжа між ёй ды ейным лёсам, але фармулёўка так і ня здолела зачапіць яе настолькі, каб… даводзілася кожнага разу выдумваць яе наноў. Кожную трэцюю сэкунду.

“Усё ж дзіўная сытуацыя ўвесь гэты сьвет…” – Хо некаторы час трымала ў галаве гэтую фразу, а пасьля адпускала і працягвала назіраць за тым, як клубіцца воблачка пары над кубкам. Ёй не было балюча, можа, хіба толькі няўтульна, неспакойна. За сьценкаю працаваў тэлевізар ды хадзілі людзі.

– Раскажы мне казку, чароўная фея…

“…ды злосных сабакаў, што прыйдуць з-за гор”.

Але неўзабаве пасьміхнулася ды папусьцілася. Падумала, што, можа быць, варта выйсьці на вуліцу.

Электрычка расказала пасажырам усе свае правілы, хлопнула дзьвярыма ды зваліла прэч, пакінуўшы Васіля на пэроне.

Усіх іх, лядзь, трэба на пэрон, лядзь, каб сукі ня езьдзілі тут! Ды зубы на гуй свалаце павыносіць!

Але якая, зрэшты, розьніца. Ды і куды гэта ты, Васілёк, увогуле сабраўся? Ты нам тут яшчэ нічога, па сутнасьці, і не расказаў… Але наўрад ці ён бы сьпяшаўся. Канечне, лепш было б у такой сытуацыі прамаўчаць. А калі па шчырасьці, то і сытуацыя гэтая наперадзе. Усё ў цябе яшчэ наперадзе. І жыцьцё будзе папросту цудоўнае! Канечне. Толькі так, а як можа быць яшчэ? Ды ён анікуды і не зьбіраўся. Так, думаў, можа, выехаць на некалькі гадзінак у лес, у поле, падалей? Пасядзець ды пагнаць дзе ў спакоі. Але, відаць, лёс зусім іншы… Толькі ня трэба тут думаць, што калі не атрымалася, то зараз адразу штосьці здарыцца. Хлопец увогуле вёў не асабліва багатае на здарэньні жыцьцё. Часам ён прыходзіў на вакзал без аніякае мэты. Глядзеў на цягнікі ды піў сваю плястыкавую гарбату. Увесь час сярод людзей. Усе яны такія розныя, але калі паспрабаваць прыгадаць каго – з незнаёмцаў, вядома ж, якіх штодня сустракаеш на вуліцы, на каго выпадкова падае позірк, – то не адразу атрымліваецца ўзнавіць у памяці хаця б некалькі твараў.

Яшчэ хлопец любіў анёлаў. Ня тое, што ён у іх верыў. Ці ў іх, ці ў некага пад назваю “бог”. А анёлы… Дастаткова было ўявіць іх, ды вось яны ўжо і рэальныя. Усе яны такія ж адвечныя ўдзельнікі чалавечага фальклёру, як і героі, як багі ды супэрзоркі. Не кажучы ўжо пра ўсялякіх суседзяў з загадкавым імем Саня. Пра гэтых і казаць не было чаго. Толькі вось суседа Саньку пасьля школы бацькі адразу адправілі ў войска. У эканамічных інтарэсах. А можа, было ня так?..

Васілёк вісеў вельмі часта. Знаходзіў сябе ў гэтай прасторы паміж двума сусьветамі. Ды ўвесь час даводзілася разьбірацца, што насамрэч, а што крыху больш, чым насамрэч. Калі ён штосьці забываў, то папросту адмоўчваўся, а калі пыталі, то спрабаваў як-небудзь пазьбегнуць неабходнасьці адказу.

Нельга было сказаць, што сусед Санька быў такі ўважлівы і добры карышок. Хутчэй наадварот… Сука апошняя, ён біў дзяцей бітаю, праломліваў ім галовы толькі дзеля таго, каб трапіць у вечаровыя навіны. Але ніяк не атрымлівалася. Яго заўжды нехта абыходзіў. Нехта заўжды выкідваў штонебудзь увогуле ўлётнае, што нікому і ня сьнілася. І Санька, не губляючы энтузыязму, вынаходзіў усё новыя ды новыя сродкі катаваньняў – трэба ж неяк зьдзівіць абывацеля… Толькі ўсё ж такі добры, да пэўнай ступені, канечне… Гуйня ўсё гэта! А Васілёк заўжды быў неяк у сабе, ды не цікавіўся ані футболам, ані дыскатэкамі, ані гарэлкай у суседнім дворыку. Усё кніжкі ды кніжкі… Але, можа, толькі дзякуючы Саньку яго на раёне не чмурылі. А зараз тым больш нікому да яго справы не было. Калі казаць, што час пакідае толькі неабходнае, то можна яшчэ і паспрачацца наконт таго, ці пакідае штосьці ўвогуле. Руйнуе ўсе гэтыя барыкады, вымятае сьмецьце ды ўсё астатняе.

5