Мінакі | Страница 4 | Онлайн-библиотека


Выбрать главу

Сонца. Зашмат сонца для восені. Але на самой справе так толькі падаецца. Жоўтыя дрэвы не падмануць, і можна намаляваць колькі заўгодна выяваў, але заўжды зразумела, чым усё гэта скончыцца. Паступовае паніжэньне тэмпэратуры, няроўная сьцежка, што вядзе наўпрост у абветраны сьнежань. Толькі зь цягам часу яна вытоптваецца і ператвараецца ў паўнавартасную шашу, на якой няма за што воку зачапіцца. Усё роўна і аднолькава. Ды ўсё менш падазрэньняў на гэты конт. Быццам бы ўсё так і мае быць. Час выраўняе ўсё ды ўсіх. І кожны, хто пра гэта думае, рана ці позна забываецца, перастае на гэта зважаць, і неўзабаве ўсё прыходзіць да нормы. Няма чаго казаць, быццам бы для верасьня ў горадзе зашмат сьвятла, няма чаго разводзіць рукамі ды штучна ствараць падзеі. Васілёк ведаў гэта і таму больш назіраў. Ён, як і ўсе, любіў запаўняць сэнсамі на першы погляд зусім бессэнсоўныя рэчы. Толькі ў яго атрымлівалася не настолькі тупа і безгустоўна, як у іншых. Ва ўсялякім разе вельмі хацелася ў гэта верыць. Можа, таму, што гэта і быў асноўны род яго заняткаў. Жыць паўнавартасным унутраным жыцьцём замест пакоцанага вонкавага, якое, зрэшты, і не магло быць нармальным у Васілёвай сытуацыі.

Юнак сядзеў на лаве ды назіраў за птушкамі. Вельмі любіў назіраць за імі. Настолькі яны ўжо падобныя да людзей, што немагчыма. Адвечнае зьдзіўленьне. Лічы, што такія ж самыя, толькі без усёй гэтай чалавечнасьці, бяз гэтых выбрыкаў. Так жа глядзяць адзін на аднога, так жа змагаюцца за кавалак хлеба, выпадкова падкінуты шчасьлівым дзіцёнкам, якога матуля вывела ў парк раз на тыдзень; такім жа чынам імкнуцца захапіць увагу магчымага партнэру. Ды Васілёк неяк асабліва і не стамляўся ўвесь час гэта адзначаць. Наадварот, у такіх рэчах яму бачылася пэўная заканамернасьць, нейкая сыстэмнасьць у параднай вопратцы цуду, да якога хлопец быў у нейкай ступені прыналежны. Больш за ўсё містыкі і неверагоднасьці хлопец знаходзіў у “галубіным танцы”, гэта нагадвала яму нейкі чароўны рытуал. Калі самец круціцца вакол сябе, распушвае шыю ды, распускаючы хвост, з шумам праводзіць ім па зямлі.

Містыка?!

Яшчэ якая!.. Ды і ў хайло можна сунуць, а пасьля цалаваць гэтыя цнатлівыя вусны, пакуль сілы ня скончацца. Плакаць, складаць з плястмасавых кубікаў канструктару арбітальныя станцыі ды засяляць іх кацянятамі, што з жаласьлівым мяўканьнем штовесну вылазяць з-пад брамы закінутага сто гадоў таму гаража. Можна абжэрціся кіслаты ды пайсьці пагуляць па дахах, паразмаўляць з ветрам сапсаванайпратэрмінаванай роднай сталіцы. Казкі на сьценах пісаць, а пасьля заўважыць якую-небудзь бабульку, зарадзіць ёй з размаху, абняць ды вершыкі дзіцячыя на вушка нашэптваць… нашэптваць…

Канечне, ўсё гэта толькі забаўкі, але глыбей капаць было небясьпечна. Ня ўсё ўнутры было такім прыгожым, як падавалася па той усьмешцы, зь якой Васілёк назіраў за рэзкімі рухамі вераб’я, што вокамгненна саскочыў зь літой чорнай агароджы на плітку ходнікаў і корпаўся ў шалупіньні семачак, якое пакінулі па сабе разьвясёлыя маладзёны з тэчкамі ды партфэлямі. Верабей скокаў зь месца на месца, але так анічога і ня мог знайсьці. Зрэшты, халера з ёй, з гэтай птушкай. Часам Васіль сапраўды падвісаў. Паглыбляўся ў тое, што на сьвежую галаву падавалася зусім нязначным. Часам забываў пра ўсе гэтыя каштоўнасьці ды, падавалася, пачынаў верыць у нешта іншае, зусім не характэрнае для чалавека. Натуральна, хлопец перабольшваў. Як жа тут абысьціся без максымалізму, калі гэта такі значны, нават неабходны сродак для самастанаўленьня асобы.

Ультрарамантыка!

“Годна ўздымай да неба вышэйСьцяг перамогі над сьветам!”

Асадка бегала па паперы. Вочы блішчэлі. Уз’юшанасьць ды захапленьне. Але праз два імгненьні – невыразны цень марнасьці, ды зноўку тысячы самаходавых колаў, і яшчэ ўвесь гэты фон: рухавікі, людзі, вецер, птушкі ды лёгенькі халадок за каўнер. Дзеці восені малююць карцінкі ды ствараюць настроі. Мокрыя пасьля дажджу лавы. Калі прыгледзецца, то можна пабачыць, як у кропельках вады адлюстроўваюцца верхнія паверхі будынкаў, дроты, неба, афарбаванае ў колеры лакіраванага дрэва. Калі ўзірацца, то можна пабачыць куды больш, чым аб’ектыўную рэальнасьць, але ўсё ж такі ёсьць нейкая небясьпечнасьць зайсьці настолькі далёка, што ейныя віры зацягнуць з галавою, …а людзі прызначаць пэнсію па інваліднасьці.

Але… Ізноўку падвіс…

А тым часам на суседняй лавачцы зьявіліся Бусьлік ды Воўк Вова.

– Добры вечар, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі!

– Прывітаньне, сябры!

– Ведаеш, Вова, калі я ўчора віў сабе гняздо на даху галоўнага будынка, то выпадкова пабачыў, як галоўны чалавек, што жыве ў галоўным пакоі…

– Паслухай, Бусьлік, давай кажы адразу, а то мы з рабятамі ўжо хутка стомімся ад усіх гэтых тваіх бясконцых, мля, адвечных гэтых тваіх прадмоваў, мля… хопіць нам галоўных!

– Добра, добра, Вовачка не хвалюйся, я больш ня буду, ня буду, ня буду!

– Ну дык не цягні ж, Бусьлік! Кажы хутчэй, нам насамрэч вельмі цікава!

– Ну дык вось, кажу. Сядзеў я сабе спакойна ды віў гняздо на даху галоўнага будынка. А гэты галоўны чалавек раптам адчыніў акно і пачаў крычаць што было моцы: “Дайце мне дажджу! Я больш так не магу! Дапамажыце ж мне хто-небудзь! Дайце дажджу!!! Божа! Божа, калі ты мяне чуеш, дай мне дажджу!” – ён уздымаў рукі да неба і плакаў. Я бачыў, як з вачэй яго ліліся аграмадныя сьлёзы, як ён енчыў, бы маленькі хлопчык. “Божа, зьлітуйся нада мною, толькі да цябе ўзношу я свае малітвы! Ніспашлі мне дажджу, і тады я пастаўлю табе помнік на галоўнай плошчы самага галоўнага горада!”

– Бусьлік, а Бусьлік? А што гэта ты сьвісьціш?! А ты не сьвісьці!

– А я й не сьвішчу, гэта мы, бусьлікі, так размаўляем.

– Дакладна не сьвісьціш?

– Не.

– Ну добра, тады мы з рабятамі табе паверым і папросім вас працягваць свой даклад.

– Ну Вовачка, які ж гэта даклад. Гэта толькі казка на ноч. Каб нашыя хлопчыкі і дзяўчынкі добра спалі і не варочаліся ў ложках. Ы.

– А гэта ты да чаго? Вось гэтае “Ы”.

– Ай, лядзь, адчапіся!.. Дык вось… І ўзьняў ён рукі да нябёсаў. Ды прыслухаўся госпад да ягоных малітваў. Ды запоўнілі неба хмары чорных крумкачоў, ды засьпявалі анёлы, ды затрубіў у рог…

– І паліло!

– Так, менавіта! Гэта была яшчэ адна праява міласьці госпада нашага! Устанем жа на калені, таварышы, ды праславім імя божае, бо сказаў ён:

ТОЛЬКІ З ЧЫСТАГА ЗОЛАТА

Ды ў тое ж імгненьне пайшоў дождж. Ды накрыў усю зямлю.

– А што было з гэтым чалавекам?

– У тое ж імгненьне ён памёр ад шчасьця!

– Ну што, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, вось якую цікавую гісторыю распавёў нам сёньня Бусьлік.

– Але Вова, гэта ж зусім не галоўнае! Галоўнае ж ня гэта!!!

– Так, насамрэч. А зараз – мультфільм!

– Давайце, давайце ж хутчэй глядзець!

Бдыжжж!!!

Мульцікі! Мульцікі! Мульцікі!

Усё прамалявана вельмі прыгожа, нават подых перахапіла. Фарбы, лініі, усьмешкі ды чароўныя гісторыі пра вялікія помнікі маленькага шчасьця. Можа, сэнс толькі ў гэтым стаўленьні. Можа, толькі ў гэтым адзіны варты наследаваньня прыклад, найзручнейшы ўзор думак ды паводзінаў. Так і ёсьць.

Васілёк усхапіўся.

– А зараз час класьціся спаць!!!

– Дабранач, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі!!!

Васілёк усхапіўся. Паглядзеў на гадзіньнік на старой вежы ды зразумеў, што часу зусім няма. Часу ўвогуле не было. Ніколі. Кола круцілася, а прыпынкі ды адмеціны прыдумалі людзі ды пачалі злоўжываць. Хлопец ускочыў ды шпаркай хадою пайшоў прэч у бок чыгуначнага вакзала. Падняўся моцны вецер, але сьнегу яшчэ не было. Ды ў бліжэйшы час і не чакалася. Толькі вось хто дакладна ведае?..

Перабег дарогу на чырвонае сьвятло, прымусіўшы рэзка затармазіць бліскучую іншамарку. Так ім, сьвіньням, і трэба. Але вось менавіта з усіх гэтых гукаў і створаны сусьвет. Гукі ды карцінкі, павевы ветру, пахі бэнзіну і жаночай парфумы. Зь цягам часу ўсе гэтыя адчуваньні натуральна вытруцца, але пакуль што… ярка-аранжавыя курткі дворнікаў паступова ператвараюцца ў іржавыя. Кампазытары пішуць нікому на бак непатрэбныя творы, каб загнаць іх Міністэрству культуры за мізэрныя бабкі. Усё добра, толькі вось да вакзала ў той дзень Вася так і не дайшоў.

Увесь час штосьці замінала. Позіркі? Можа, і позіркі, хто іх ведае. Але магу сказаць, што хлопчык, канечне, празьмерна няўпэўнены. Ані ў чым. Ні ў сабе, ні ў астатніх. Гэта можа выклікаць непажаданыя наступствы. І тады шляху назад ужо ня будзе, і пляваць на тое, што ўсе мы выдатна ведаем, што яго і так няма, ды што ўсё гэта толькі спробы сябе супакоіць. Варта прызнаць, што часам яны аказваюць свой уплыў на псыхіку, нават у большасьці выпадкаў, калі ўжо па шчырасьці. Трэба мець на ўвазе, што ўсе сродкі самаабароны, самаабароны ад сябе, ужо даўно ў крыві, ды нават зьяўляюцца часткаю даволі пасьпяховага бізнэсу.

4